Учёный генетик
Фото носит иллюстративный характер. Из открытых источников.

Прэміі Саюзнай дзяржавы ў галіне навукі і тэхнікі ўдастоены калектыў вучоных за распрацоўку інавацыйных ДНК-тэхналогій. Яны дазваляюць ідэнтыфікаваць асобу і індывідуальныя асаблівасці чалавека на аснове вывучэння генафондаў рэгіёнаў Беларусі і Расіі.

 

У ліку лаўрэатаў — вучоныя Нацыянальнай акадэміі навук Аляксандр Кільчэўскі, Ірма Масэ, Святлана Котава і іх расійскія калегі Мікалай Янкоўскі, Святлана Барынская, Вадзім Сцяпанаў. Над праграмай «ДНК-ідэнтыфікацыя» беларуска-расійскі калектыў працаваў 5 гадоў.

 

Даследаванні вяліся ў двух асноўных напрамках. У галіне медыцыны навукоўцы распрацоўвалі геномныя тэхналогіі для вывучэння схільнасці чалавека да спадчынных захворванняў: сардэчна-сасудзістых, эндакрынных, анкалагічных, астэапарозу ды інш. Некаторыя з іх ужо выкарыстоўваюцца ў медыцынскіх установах нашай краіны (больш за 30 актаў укаранення), што паляпшае магчымасці прафілактыкі і лячэння гэтых захворванняў. У галіне крыміналістыкі былі распрацаваны методыкі для вызначэння полу, узросту, знешнасці і этнічнага паходжання чалавека на аснове яго ДНК.

 

Навукоўцы прааналізавалі 20 тысяч узораў ДНК больш за 100 папуляцый грамадзян Беларусі і Расіі. І калі раней для ідэнтыфікацыі чалавека патрабаваліся ўзоры для параўнання, то новыя тэхналогіі дазваляюць усталяваць яго рэгіянальнае паходжанне, звяраючыся з банкам дадзеных.

 

Немагчыма здзейсніць злачынства і не пакінуць следу. Біялагічны матэрыял (драбнюткія фрагменты валасоў, скуры, сліны) выяўляецца ў змывах і соскобах нават пасля вільготнай уборкі. ДНК можа захоўвацца тысячы гадоў. Па ёй спецыялісты здольныя вызначыць узрост з дакладнасцю 2–4 гады, целасклад, колер скуры, валасоў, вачэй (з адценнямі) і нават псіхаэмацыйны стан чалавека. А калі высветліцца, што ў яго, напрыклад, цукровы дыябет ці іншае захворванне, то кола пошуку яшчэ больш звужаецца.

 

Мяркуецца, што з дапамогай праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя» палепшыцца ўзровень бяспекі ў Саюзнай дзяржаве, зменшыцца колькасць нераскрытых злачынстваў, скароцяцца тэрміны правядзення аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў.

 

Па наборы генаў можна будзе больш якасна адбіраць кандыдатаў у экстрэмальныя прафесіі, дзе стрэсаўстойлівасць іграе важную ролю, — авіядыспетчараў, лётчыкаў, ратавальнікаў, вадалазаў.

 

У найбліжэйшыя гады беларуска-расійскі калектыў плануе прадоўжыць свае даследаванні ў межах праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя-2». У ёй таксама прадугледжаны два напрамкі. У галіне медыцыны спецыялісты будуць вывучаць лад жыцця чалавека на аснове яго генатыпу. Ужо ўстаноўлена, што фактары навакольнага асяроддзя пакідаюць свае сляды на ДНК, уплываючы на экспрэсію генаў, — адны гены замаруджваюцца, перастаюць працаваць, іншыя, наадварот, пачынаюць дзейнічаць больш актыўна. Даследуючы такія асаблівасці ДНК, можна вызначыць, ці злоўжывае яе ўладальнік алкаголем, наркотыкамі, ці курыць ён, і цэлы шэраг іншых асаблівасцяў асобы. Другая задача праграмы «ДНК-ідэнтыфікацыя-2» — вывучэнне аб’ектаў жывёльнага і расліннага свету.