Дарослыя вызначаюць лепшых медыцынскіх работнікаў, кіруючыся прафесійнымі крытэрыямі, а дзеці проста слухаюць свае сэрцы і давяраюць пачуццям. Дык якім уяўляе дактароў маладое пакаленне? Гледзячы па мастацкіх працах, якія атрымала наша рэдакцыя ў межах конкурса «Доктар Сонейка», — разумнымі, добрымі, клапатлівымі і дужа-дужа сонечнымі!
Мы хацелі б апублікаваць усе конкурсныя малюнкі і распавесці пра ўсе кранальныя гісторыі, якія нам даслалі, але гэта немагчыма — вельмі шмат лістоў. Адзначым толькі самыя яркія.
Гран-пры конкурса
Прыз: экскурсійнае аўтобуснае падарожжа «Наша гісторыя: Брэсцкая крэпасць і Белавежская пушча» (на дваіх, з адкрытай датай) ад турыстычнай кампаніі TravelAgency.by.
Ламаносаў Вова, 4 гады, Мінск
185 балаў
«У цэнтры кампазіцыі — добрая, светлая гераіня, якую дзеці называюць доктар Сонейка. Яе вобраз створаны на спалучэнні прыроднай мяккасці і клопату, — каментуе Лідзія Ламаносава, маці юнага мастака. — Букет з палявых кветак і лавандавых галінак — гэта сімвал клопату, падтрымкі і маленькіх цудаў, якія доктар Сонейка прыносіць кожнаму дзіцяці. Ён як знак увагі, як лекі ад суму, як напамін, што побач заўсёды ёсць той, хто дапаможа. Дабрыня — таксама лячэнне».
Вова з мамай віншуюць усіх медыцынскіх работнікаў з прафесійным святам і дасылаюць персанальнае прывітанне дзядулю з бабуляй — Андрэю Іванавічу і Вользе Юр'еўне Галавачэнкам, якія працуюць на падстанцыі № 4 Мінскай гарадской станцыі хуткай меддапамогі.
Малодшая ўзроставая катэгорыя (3–6 гадоў)
Прыз: экскурсійнае аўтобуснае падарожжа «Як гэта зроблена: БелАЗ" (на дваіх, з адкрытай датай) ад турыстычнай кампаніі TravelAgency.by.
Казімірава Караліна, 6 гадоў, Мінск
167 балаў
«Я намалявала доктара — маю маму. Яна ў цэнтры малюнка, як сонечнае кола, а вакол яе — праменьчыкі. Гэта ўсё тое, што дапамагае ёй лячыць дзяцей», — распавядае Караліна. Мы ж адзначылі выключнае падабенства выявы з арыгіналам. Мама мастачкі — Юліяна Сімяёнаўна Казімірава, урач-педыятр, загадчыца 3-га педыятрычнага аддзялення 18-й гарадской дзіцячай паліклінікі Мінска.
«Я віншую ўсіх урачоў і медсясцёр са святам, — прадаўжае Караліна. — Жадаю ім моцнага здароўя, шчасця, каб у іх заўсёды былі сілы дапамагаць людзям. І каб знаходзілі новыя спосабы, як яшчэ лепш лячыць людзей».
Сярэдняя ўзроставая катэгорыя (7–12 гадоў)
Прыз: экскурсійнае аўтобуснае падарожжа «Як гэта зроблена: МТЗ» (на дваіх, з адкрытай датай) ад турыстычнай кампаніі TravelAgency.by.
Тарушка Алена, 11 гадоў, Навалукомль
172 балы
«Я хачу расказаць пра маю любімую бабулю — Таццяну Іванаўну Казінец, — піша ў лісце Алена. — Мая бабуля — сапраўдны супергерой! Яна працуе фельчарам у Антаполлеўскім ФАПе ў нас у Віцебскай вобласці. У вёсцы яе ведаюць абсалютна ўсе, таму што яна лечыць людзей ужо больш як сорак гадоў! Для мясцовых жыхароў бабуля — гэта і хуткая дапамога, і самы верны дарадца. Яна выратавала сотні жыццяў і вылечыла кучу прастуд!».
Любоў да людзей і жаданне клапаціцца пра іншых атрымалі ў спадчыну і дочкі Таццяны Іванаўны. Старэйшая стала медсястрой, сярэдняя — правізарам, а малодшая выбрала настаўніцкі шлях і вучыць дзяцей.
«А яшчэ ў бабулі самая ўтульная хата на свеце, — дадае юная мастачка. — Улетку яна проста патанае ў квецені, а на кухні заўсёды смачна пахне хатняй выпечкай. Больш за ўсё на свеце бабуля Таня любіць збіраць за вялізным сталом усю нашу шматлікую сям'ю. Для мяне яе жыццё — гэта найлепшы ўзор дабрыні, любові і адданасці сваёй справе! Я ёю вельмі ганаруся!».
Караліна віншуе Таццяну Іванаўну з Днём медыцынскіх работнікаў, а таксама звяртаецца да ўсіх прадстаўнікоў сферы аховы здароўя нашай краіны: «Жадаю, каб вы самі ніколі-ніколі не хварэлі. Няхай на працы ўсё будзе спакойна, пацыенты дзякуюць ды ўсміхаюцца, а дома няхай чакаюць вас радасць, адпачынак і багата ласункаў!».
Старэйшая ўзроставая катэгорыя (13–17 гадоў)
Прыз: экскурсійнае аўтобуснае падарожжа «Як гэта зроблена: гадзіннікавы завод «Луч» (на дваіх, з адкрытай датай) ад турыстычнай кампаніі TravelAgency.by.
Жылінская Ганна, 14 гадоў, Магілёў
183 балы
Для Ганны сапраўдны доктар Сонейка — гэта яе мама Вольга Уладзіміраўна Жылінская, урач-акушэр-гінеколаг і ўрач перынатальнай ультрагукавой дыягностыкі Магілёўскага абласнога лячэбна-дыягнастычнага цэнтра: «Яна не проста выконвае свае абавязкі, а кожны дзень дорыць цяжарным жанчынам надзею, супакой і сапраўднае святло, дапамагае з’явіцца на сввет новаму жыццю!».

Зрэшты, адзначае юная мастачка, усе медыцынскія работнікі Беларусі ззяюць святлом і дабрынёй. Ім яна адрасуе пажаданні здароўя, міру і поспехаў на прафесійным шляху.

Мы віншуем пераможцаў і дзякуем усім удзельнікам! Вашыя працы далі магчымасць нашай рэдакцыі пазнаёміцца з цудоўнымі медработнікамі і проста выдатнымі людзьмі. Вось, бадай, некалькі прыкладаў.
Караўкіна Сафія, 10 гадоў, Асіповічы
«На маім малюнку намаляваная мая сястра і… прыёмная маці Танюша. Паводле прафесіі яна фельчар, працуе ў вёсцы на ФАПе, дзе яе атачае прырода, таму я намалявала яе на ўлонні прыроды. Яна — маё самае цёплае сонейка ў белым халаце. Я ганаруся, што мая мама Танюша — медык. І я ведаю, што такіх добрых фельчараў, дактароў ды медсясцёр вельмі шмат па ўсёй краіне. Вы наша сонейка! Са святам вас! Здароўя, шчасця і дзякуй за вашу працу!».

Таццяна Загароўская ўзначальвае Пратасевіцкі ФАП у Асіповіцкім раёне. Гэта чалавек з няпростым лёсам і вялікім сэрцам. "Медыцынскі веснік" абавязкова вернецца да гісторыі Таццяны. Не прапусціце!
Селіванаў Мацвей, 13 гадоў, Гомель
«Аперацыйная ў Гомельскім анкадыспансеры заціхае толькі ў рэдкія хвіліны. Звон інструментаў, перарывістае шыпенне наркознага апарата — гэта музыка, да якой хірург Уладзіслаў Станіслававіч Воўчак прывык за некалькі гадоў працы. Гэта мой стрыечны брат, і для мяне ён проста Улад, які калісьці баяўся крыві, а цяпер кожны дзень ратуе тых, хто баіцца самага страшнага дыягназу. Звычайны хірург у белым халаце, які здольны вяртаць надзею, калі яе ўжо страцілі. Я вельмі ім ганаруся».
Да расповеду Мацвея дадамо, што Уладзіслаў Станіслававіч Воўчак — урач-анколаг-хірург, загадчык прафесарскага кансультатыўнага цэнтра ГомДМУ, галоўны пазаштатны спецыяліст ГУАЗ Гомельскага аблвыканкама па арганізацыі скрынінгу і ранняга выяўлення злаякасных новаўтварэнняў. Ганарацца ім не толькі блізкія, але і жыхары ўсяго Гомеля. У 2024 годзе яму было прысвоена пачэснае званне «Гомяльчанін года» ў намінацыі «Таленавітая моладзь».
Курыльчык Аляксандр, 7 гадоў, Гомель
«Мой сын намаляваў свайго педыятра — Міцуру Вераніку Анатольеўну, яна працуе ў Гомельскай цэнтральнай гарадской дзіцячай клінічнай паліклініцы (філіял 4), — піша нам Кацярына Курыльчык, маці юнага мастака. — Хочацца выказаць вялікую падзяку за яе працу! І дадаць: я вельмі трывожная мама, але пад чулым кіраўніцтвам Веранікі Анатольеўны, адчуваю сябе спакойна і ведаю — мы адужаем любую хваробу!».
Вераніка Міцура — лаўрэат 3-й ступені рэспубліканскага конкурсу “Урач года Рэспублікі Беларусь” у намінацыі “Урач-педыятр” у 2024 годзе.
Аляксандр не адзіны, хто прысвяціў Вераніцы Анатольеўне сваю мастацкую працу. Юныя гамяльчане Стэфанія Галабурда (3 гады) і Раман Пакусаў (5 гадоў) таксама малявалі гэтага доктара. А мама Рамана перадала па-сямейнаму цёплае, кранальнае пажаданне ўсім медыцынскім работнікам Беларусі: «Наша сям'я хацела б пажадаць таго, што па-сапраўднаму каштоўна: цяпла, якое ніколі не знікае; людзей, якія разумеюць нават без слоў; рук, якія падтрымліваюць у цяжкую хвіліну. Няхай у кожным вашым дні будзе сэнс, у кожным кроку — упэўненасць!»
Дуброўскі Цімур, 4 гады, Гомель
Хто прадставіць сваю працу лепш, чым сам аўтар? На фота Цімур, а вось яго каментар: «На малюнку — мая любімая матуля, яна аперацыйная медыцынская сястра. Працуе ў дзіцячай экстранай аперацыйнай і ратуе дзетак. І мяне, калі я хварэю».
А гэта віншаванне калегам ад мамы Цімура: «Дзень медыцынскіх работнікаў — свята, якое аб'ядноўвае нас усіх. У гэты асаблівы дзень хачу ад усяго сэрца павіншаваць кожнага з вас! Мы — каманда і разам пераадольваем цяжкасці, падтрымліваем адзін аднаго, дорым надзею нашым пацыентам. Наша праца патрабуе не толькі ведаў, але і агромністага душэўнага цяпла. І я ганаруся тым, што працую побач з такімі выдатнымі людзьмі, як вы!».
Цямніцкая Яна, 9 гадоў, Радашковічы
Хатнія гадаванцы — частыя героі на малюнках, прадстаўленых на конкурс. Але ў гэты раз вобраз паласатага катка служыў юнаму мастаку візуальнай метафарай дабрыні, што дазволіла зрабіць працу эмацыянальна блізкай для гледачоў. Вось што яна піша: «Гэта доктар Сонейка. Доктар увасабляе цеплыню, дабрыню і клопат, якія медыкі нясуць людзям. На руках у доктара кот, бо праз вобраз жывёлы лёгка паказаць, што медработнікі дапамагаюць усім без выключэння — і дзецям, і нашым любімым хатнім гадаванцам».
Большасць малюнкаў прысвечана самым блізкім людзям — мамам, татам, бабулям, дзядулям, братам і сёстрам. Вось толькі некаторыя з іх:
Мяцюн Надзея, 6 гадоў, Смілавічы
«Мая мама працуе ў рэгістратуры. Яна выконвае складаную працу, дапамагае людзям запісацца да ўрача, часта супакойвае тых, хто хвалюецца ці баіцца ісці на прыём. А яшчэ яна вельмі прыгожа ўсміхаецца!».

Кізюкевіч Аляксандра, 8 гадоў, Гродна
«На гэтым малюнку намаляваны мой тата, ён працуе загадчыкам аддзялення, урачом-кардыяхірургам у Гродзенскім абласным клінічным кардыялагічным цэнтры". Тата кожны дзень у аперацыйнай дапамагае пацыентам з сардэчнай паталогіяй, ратуе людзей! Для мяне тата — прыклад таго, якімі павінны быць урачы. Яны, як сонейка, грэюць душу і дораць цяпло! Мой тата —«доктар Сонейка». Я, калі вырасту, таксама буду ўрачом, як мой тата».

Рыдзеўскі Канстанцін, 6 гадоў, Бараўляны
Разам з аўтарам віншаванне даслаў аддзел па пазабюджэтнай дзейнасці Мінскай абласной клінічнай бальніцы. «З вялікай павагай віншуем усіх з Днём медыцынскіх работнікаў! І асабліва — Барташэвіча Івана Андрэевіча, загадчыка аддзялення рэанімацыі і інтэнсіўнай тэрапіі (для пацыентаў нейрахірургічнага профілю) Гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі Мінска. Жадаем моцнага здароўя, поспехаў у працы, удзячных пацыентаў!».
Асаблівым святлом напоўненыя работы дзяцей, якія праходзяць лячэнне ў Рэспубліканскім навукова-практычным цэнтры дзіцячай анкалогіі, гематалогіі і імуналогіі. Ксенія, Таня, Ліка, Аня, Мая, Радзівон, Яўгенія, Вікторыя, Каміла — мы шчыра жадаем вам хутчэй папраўляцца!
Таксама зычым поспехаў вучням мастацкіх школ з Валожынскай дзіцячай школы мастацтваў і Цэнтра творчасці дзяцей і моладзі Дзяржынскага раёна і дзякуем педагогам Прыёмка В. М. і Вайкшнарыс А. А., якія натхнілі дзяцей на стварэнне цудоўных сонечных работ.
І вядома ж, выказваем сваю ўдзячнасць беларускім установам аховы здароўя, якія даслалі на конкурс цэлыя серыі малюнкаў дзяцей сваіх супрацоўнікаў: 20-я гарадская дзіцячая паліклініка і 40-я гарадская клінічная паліклініка г. Мінска, Брэсцкі абласны і Барысаўскі радзільныя дамы, Віцебскі абласны клінічны цэнтр пульманалогіі і фтызіятрыі, цэнтральныя раённыя бальніцы Лёзна, Лунінца, Светлагорска ды інш.
Віншуем усіх з прафесійным святам — Днём медыцынскіх работнікаў!
Посмотреть работы «Семейные истории»: смотрим, слушаем, вдохновляемся! можно пройдя по ссылке тут.
Итоги конкурса «Паштоўка для доктара» подведены здесь.
Ознакомится с конкурсными работами «Сапраўдны доктар» можно тут.
Посмотреть работы победителей конкурса "Доктор спасает жизнь" можно пройдя по ссылке здесь.
Работы победителей конкурса "Малюнкi-Падарункi" тут.
Итоги конкурса детского рисунка «Доктор из будущего» здесь.
Работы победителей конкурса «Моя семья» смотрите тут.
Ознакомится итогами конкурса рисунков детей медицинских работников «Новый год, семья и Я!» можно здесь.
